Загрузка страницы

ГРАБЛІ

ГРАБЛІ
Беларусі тэрмінова патрэбны новы ордэн. Проста тэрмінова. Адкладаць няможна. Час ідзе. Можам не пасьпець. Можна, вядома, пазьней. Але раптам пазьней прыйдуць іншыя якія. І што тады? Іншыя якія, якія не пагодзяцца. Яно й гэты можа не пагадзіцца. Але калі раськіне тым, што ёсьць, што яшчэ засталося, чаго яшчэ не параськідаў – можа што й будзе... А потым ён можа пасьпець узнагародзіць, адзіным сапраўды заслужоным знакам, сябе й сваіх падзельнікаў як у краіне так і вонкі.
Я пра Ордэн Граблі. Ці Грáбель? Ці Грабéль? Ці, можа, Грабляў? Ці, наагул, Граблёў. Надта нацыянальная штуковіна. Сымболь апошніх дзесяцігодзьдзяў. Як за што ні вазьміся – граблі. Куды ні пайдзі – яны. Што ні зрабі – ізноў жа. Гэта ж проста нейкі праклён ці насланьнё. Палітыка – граблі, эканоміка – граблі, пра культуру нават згадваць страшна. Асобныя героі яшчэ б’юцца, але колькі тых, што выбралі граблі. Граблі ўнутраныя, граблі экспартныя, граблі імпартныя. Нехта сьпявае чужой мовай дома, нехта вязе схопленую чужую мову на ейную ж радзіму. Нехта неабмежавана валачэ чужыя да нас. І ўсе галосяць. Хто па-расейску, хто па-ангельску і, амаль заўсёды, з нашым акцэнтам. Так і румзаюць. Мова іхная – акцэнт наш. А посьпехаў – нуль. Ну, ці амаль нуль. Вось ім трэба было б даць па ордэну. Добра даць. Не шкадуючы. Кожнаму па ордэну. І няхай носяць. І абавязаць. І няхай паспрабуюць не насіць. Хто адмаўляецца – адмысловы збор па трыццаць срэбнікаў. З кожнага мардэнаносца. Паколькі тут мова – прылада працы, сродак узбагачэньня. Зь іншых людзей нічога, а з гэтых збор і па аграблям. Ёсьць праўда тыя, хто сваёй мове гэтым чужамоўем ані ня здраджваюць, бо яно ў іх вельмі часовае, дужа сытуацыйнае й почасту ўсё ж нацыянальнае, хаця й вылучна для аплаты таленту, дык гаворка не пра гэтых.
У палітыцы – тое ж. Толькі ў палітыцы. А так – тое ж. Падклаўся дзяржаўны службовец пад іншую дзяржаву – а мы яму ордэн. Скажам Граблі першага роўню з пахавальнымі сьвечкамі. Або другога роўню зь галавасьцінай (гэта сякера такая) і машастовым бантам. Ці трэйцяга з сымбалічным прахам, спаленага некалі на пляцы, здрадніка. Усё заробленае адпаведна зробленаму. І хай так ходзяць. Галоў сьцінаць няварта. Ня тыя часы. А цацкі-бразготкі – самае тое.
Скажу па сакрэту – у асяродках Беларускае эміграцыі ордэн таксама мог бы ўжывацца напоўніцу. Любы дэструктыў, любая спроба пад выглядам добрых намераў, ці без такіх, зрабіць
шкоду і вось ты ўжо кавалер. Або кавалерка. А хто ўшанаваўся поўным кавалерствам, ну ўсіх трох роўняў – можа дастаць свае 30 срэбнікаў назад, як адступныя ад Беларушчыны.
Сутыкненьні з падобнымі й змусілі мяне гадоў зь дзесяць таму напісаць нізку песьняў Граблі. З тых часоў у нашым пытаньні мала што зьмянілася. Наадварот. Напярэдадні скананьня рэжыму шматлікія жвавыя ножанькі ўзьняліся ў гатовасьці храснуць па нашых традыцыйных аграблях каб мы атрымалі заместа наяўнага – новага. Такога ж, але новага. АнтыБеларускага або неБеларускага. Або Беларускага, але псэўда...
І пакуль адпаведнага ордэну для жваваногіх нямашака – пачну пакрысе выстаўляць сваю нізку песьняў, а ў разе патрэбы падкідаць і новых.
Кожнаму заслужонаму – па аграблях.
Дык што, пагрэблі? Пагрэблі!
Сякеры, косы, вілы
Адкінутыя ў бок.
Ня тое, каб стаміліся,
Ня тое, каб саслаблі,
Яшчэ хапае сілы
Запомніць на зубок
Як продкі нашы біліся
І перайсьці на граблі.
Мы добра вывучаем памылковыя шляхі,
Каб потым паўтараць іх, ня зьбіўшыся з дарогі.
Каб толькі не спазьніцца бягуць нізы й вярхі
На граблі наступаць да поўнай перамогі.
Разьбіты лоб да цемя,
Варушацца глузды,
Як зырка зьзяе сонейка,
Як думкі вымагае.
Ну вось яна! Ня дрэмле!
Прамень хабах туды!
Патрпіў! Зьбіў сутонейка,
Ды не дапамагае.
Мы проста ў прэзідэнты сягаем ад сахі,
Мы верым абяцанкам абіваючы парогі,
Мы бачым (як ня нашыя) агульныя грахі,
І не ў набат – у граблі б’ем да поўнай перамогі.
А нос – сьвінное рыла
Расплешчаны на блін.
Ня ўнюхаць (пераняты я)
Што праўда, што ілгарства
Адно – не перакрыла
Яшчэ адрэналін,
Дзе граблі? Што? Занятыя?
Пазычце хто, спадарства!
Мы уважаем цьвердзямі ўсе нашы катухі,
Суседавы праблемы – не падставы для трывогі
Хаваемся у бульбу, зашываемся ў імхі
І гвалцім тыя ж граблі, ну, да поўнай перамогі.
Сьціскаю зубы ў шале,
Ва ўпартасьці рыплю:
Спрачацца ж з аграблёвымі
Не па зубам зубамі,
Ня ведаю як далей,
А сёньня я малю
У Бога граблі новыя
Няма? То зробім самі.
Хто ж будзе пераможцам? Можа пройдзе час ліхі,
Як скула дзесь на задніцы, і хоць нямеюць ногі,
Мы ўпарта паўтараем памылковыя шляхі
І месім-пляжым граблі, ну, да поўнай перамогі.

20-23 ліпеня 2009 году.
Бэрнардаў гасьцінец.

Видео ГРАБЛІ канала Siarzuk Sokalau - Сяржук Сокалаў-Воюш
Показать
Комментарии отсутствуют
Введите заголовок:

Введите адрес ссылки:

Введите адрес видео с YouTube:

Зарегистрируйтесь или войдите с
Информация о видео
30 июля 2020 г. 12:21:20
00:06:32
Яндекс.Метрика