Загрузка...

ПАГОНЯ. Сяргей Харэўскі 🔳 Максім Багдановіч

Сяргей Харэўскі чытае верш Максіма Багдановіча “Пагоня” (1916)
#незагаснуцьзоркіўнебе - паэтычная хрэстаматыя да 90-годдзя заснавання Саюза беларускіх пісьменнікаў
👉 Усе творы https://youtube.com/playlist?list=PLTNXoooE0nRZYo4u2yyRtorzQIYLVi2P7

🔳 Сяргей Харэўскі — мастацтвазнаўца, эсэіст, педагог, мастак.
Нарадзіўся ў Мінску ў 1967 годзе. Удзельнічаў у моладзевых грамадскіх аб’яднаннях "Талака" і "Беларуская Майстроўня" (1979—1984). Быў мастацкім рэдактарам часопіса "Бярозка", газет "Свабода" і "Наша Ніва". Аўтар і мастак "Нашай Нівы" з моманту яе аднаўлення, выконваў абавязкі намесніка галоўнага рэдактара, вёў аўтарскую праграму "Галерэя Свабоды" на Беларускай службе Радыё Свабода. Выкладаў у Віленскім педагагічным універсітэце ў Літве, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Цяпер выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні.
Аўтар кніг "Звяры-суайчыннікі", "Прамоўленае", "ПраЧутае", "Сто твораў ХХ стагоддзя. Нарысы па гісторыі беларускага мастацтва найноўшага часу", "Асмалоўка".

🔲 Максім Багдановіч (1891-1917) — паэт, перакладчык, крытык, гісторык, празаік. Пісьменнік-наватар, класік беларускай літаратуры нашаніўскага перыяду. Нарадзіўся ў Мінску ў сям'і этнографа Адама Багдановіча і пісьменніцы Марыі Мякота, асноўныя творы напісаў у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі ў Расіі. Аўтар кніг "Вянок", "Беларускае адраджэнне", "Чырвоная Русь", "Угорская Русь", "Браты-чэхі". Памёр ад сухотаў у Ялце ў 25 гадоў.

#беларускаялітаратура #максімбагдановіч

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, –
Ўспомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, –
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі – гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць

Видео ПАГОНЯ. Сяргей Харэўскі 🔳 Максім Багдановіч канала Bellit International
Страницу в закладки Мои закладки
Все заметки Новая заметка Страницу в заметки